1 сентября День знаний

02.09.2019

alt

      Зноў верасень паклікаў вас за школьныя парты і ў вучнёўскія аўдыторыі першым залівістым званком. Шчыра віншую ўсіх нас з гэтым святам.

     Самыя пяшчотныя словы ў пачатку верасня звернуты да першакласнікаў. Яшчэ ўчора яны гулялі ў цацкі, наведвалі дзіцячыя садкі, а сёння сталі вучнямі. У кожнага з іх – свой патэнцыял, які нам, настаўнікам, неабходна не проста разглядзець, але і раскрыць. За школьныя парты селі будучыя ўрачы і інжынеры, ІТ-спецыялісты і робататэхнікі – тыя, хто будзе праз дзясяткі гадоў развіваць нашу навуку і прамысловасць, уводзіць новыя тэхналогіі ў сельскагаспадарчы працэс, даследаваць космас і недрызямлі. А мы павінны даць ім трывалыя веды, каб у будучым здзейсніліся іх мары, і яны сталі добрымі спецыялістамі і працавалі на карысць сваёй Радзімы.

     У новым навучальным годзе мы адзначым вялікае свята – 75-годдзе Вялікай Перамогі. На педагагічную грамадскасць ускладзена надзвычай важная задача – выхоўваць у падрастаючага пакалення павагу да подзвігу народа, любоў да сваёй Айчыны і гонар за яе абаронцаў. Прывівайце сваім навучэнцам любоў да роднай зямлі, асалоду ад пазняння таямніц малой радзімы.

    Самыя шчырыя словы павагі ў пачатку кожнага навучальнага года мы выказваем педагогам-ветэранам, людзям, якія ўсё сваё жыццё працавалі на ніве настаўніцтва і аддалі сэрца дзецям. Першае верасня - гэта і ваша свята, дарагія нашы калегі! Нізкі паклон вам за вашу плённую працу.

   Так гістарычна склалася, што першы восеньскі месяц дае старт не толькі новаму навучальнаму году, а і новым праектам, эксперыментам, новым ведам і новым надзеям на поспех. А яшчэ новым людзям – маладым спецыялістам, якія праз пару дзён у першыню ўвойдуць у клас, каб пачаць урок. Яны вельмі хвалююцца, нашы маладыя калегі, і ім проста неабходна наша граматная падтрымка і ўвага. Хай у кожным педагагічным калектыве пачынаючыя настаўнікі адчуюць, штоім рады, што іх гатовы падтрымаць больш вопытныя калегі.

      У добры шлях!

Ігар КАРПЕНКА, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь