Раённы семінар

30.03.2020

 

УПРАЎЛЕННЕ ПА АДУКАЦЫІ, СПОРЦЕ І ТУРЫЗМЕ

ВАЛОЖЫНСКАГА РАЙВЫКАНКАМА

 

ДЗЯРЖАЎНАЯ ЎСТАНОВА АДУКАЦЫІ

«ЯСЛІ-САД № 3 «ПРАЛЕСКА» Г.ВАЛОЖЫН

 

 

Семінар-практыкум

 

«Арганізацыя адукацыйнай прасторы установы  дашкольнай адукацыи шляхам далучэння дашкольнікаў да гісторыі і культуры беларускага народа»

 

 

Падрыхтавалі: Рубацкая Н.Г., намеснік загадчыка па асноўнай   дзейнасці  ДУА «Яслі-сад № 3 «Пралеска» г. Валожын,

                      Белановіч С.І., выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА «Яслі-сад № 3 «Пралеска» г. Валожын

 

Мэта: пазнаёміць з сучаснымі падыходамі па арганізацыі адукацыйнай прасторы ва ўстанове дашкольнай адукацыі (далей – УДА),  далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускай нацыянальнай культуры; актуалізаваць веды па гісторыі і культуры роднага краю; выявіць патэнцыйныя магчымасці педагогаў для ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнасці.

План правядзення:

  1. Формы і метады работы з дзецьмі па далучэннi да гісторыі і культуры беларускага народа. Выстава дыдактычных матэрыялаў
  2. Практычная частка:

2.1. Гульня “Чароўны куфэрак”;

2.2. Экскурс у мінулае “Беларуская хата”;

2.3. Асаблівасці харчавання беларусаў;

2.4. Арганізацыя прасторы ва УДА. Віртуальная экскурсія па міні-музеі “Нашы вытокі”;

  1. Асноўныя прынцыпы адукацыйнай работы па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту
  2. Асаблівасці арганізацыі работы па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці сродкамі вуснай народнай творчасці
  3. Віктарына “Лепшы знаўцы роднага краю”
  4. Беларускія сучасныя пісьменнікі дзецям “Кніжная палічка прапануе”
  5. Рэкамендацыі па арганізацыі працы з беларускай народнай казкай. Заданні “Адгадай казку”, “Дарослыя - дзецям”
  6. Прэзентацыя “Наша спадчына”
  7. Рэфлексія: практыкаванне “Карусель”
  8. Рэлаксацыя “Кошык кветак”

 

Літаратура:

1.С.Б. Паўлаў “Мой родны кут…» ТАА ВД «Белы Вецер» 2006.

  1. І. К. Грышкевіч “Спадчына маёй краіны” Мазыр “Содействие” 2006.
  2. Н.В. Пралыгіна «Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі вуснай народнай творчасці. Мазыр “Белы вецер” 2010.

 

Ход семінара:

Вядучы: Будучыня нашай краіны залежыць ад падрастаючага пакалення: яго каштоўнасных арыенціраў, мыслення і паводзін. Асаблівае значэнне ў выхаванні дзяцей надаецца выхаванню пачуцця патрыятызму, асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Любоў да Радзімы фарміруецца паступова ў працэсе назапашвання ведаў аб грамадскім жыцці, працы людзей на карысць дзяржавы, прыродзе, народных традыцыях.

Каб зразумець душу беларусаў, гісторыю, культуру сваіх землякоў, неабходна ведаць свае карані, сваё мінулае і сучаснасць.

Важна далучаць дзяцей да культуры свайго народа, паколькі зварот да  спадчыны мінулага выхоўвае павагу, гонар за зямлю, на якой жывеш. Дзецям неабходна ведаць і вывучаць культуру сваіх продкаў.

Загадкі, прыказкі, прымаўкі, песні, казкі – выхоўваюць у чалавеку пачуццё любові да роднай зямлі, разуменне працы, як асновы жыцця. Творы вуснай народнай творчасці не толькі фарміруюць любоў да традыцый свайго народа, але і спрыяюць развіццю асобы ў духу патрыятызму.

Патрыятызм павінен прывівацца ў сям’і, ва ўстанове дашкольнай адукацыі, бо менавіта ў дашкольным узросце пачынае фарміравацца светапогляд чалавека.

“Хто я? Адкуль?” - рана ці позна дзеці задаюць гэтыя пытанні, і  на  іх  трэба адказваць. Але атрымліваецца часам так, што мы, самі дарослыя, мала што ведаем пра сваіх бабуляў і дзядуляў, не кажучы ўжо пра  больш далёкіх сваякоў. Многія з нас не ведаюць народных песень, казак, танцаў, прыказак, прымавак, загадак, гульняў.

Што мы можам перадаць у духоўную спадчыну дзецям? Як будуць захоўвацца лепшыя традыцыі і абрады?

Гэтыя пытанні задаюць і шукаюць на іх адказы і законныя прадстаўнікі выхаванцаў, і педагогі.

Сёння многія вучоныя, практыкі аднадушныя ў тым, што неабходна вяртацца да народнай педагогікі.

Важна, каб педагогі і бацькі ведалі народныя святы, абрады, традыцыі, гульні. Валодалі роднай мовай і выкарыстоўвалі ў сваёй працы разнастайны беларускі фальклор.

З мэтай папаўнення асяроддзя ўстановы дашкольнай адукацыі быў праведзены кокурс “Мая маленькая радзіма”. Зараз мы прапануем вашай увазе дыдактычныя матэрыялы, якія былі распрацаваны ў нашай установе: “Беларускі арнамент”, “Жывёлы беларускіх лясоў”, “Чацвёрты лішні”, “Сімвалы”, “Апрані ляльку”, “Беларускі строй”, “Размаўляй па-беларуску”, “У госці да казкі”, “Чароўныя талерачкі” і інш. (Дэманстрацыя матэрыялаў выставы)

 

Практычная частка:

2.1. Гульня «Чароўны куфэрак».

У куфэрку ілюстрацыі прадметаў беларускай народнай творчасці, побыту. Удзельнікам прапаноўваецца даставаць прадметы і распавядаць для чаго яны неабходны, як іх выкарыстоўвалі.

2.2. Экскурс у мінулае «Беларуская хата»

Вядучы: З якога матэрыялу рабілі хаты?

З дрэва, у асноўным з хвоі, елкі, дуба. Лес рыхтавалі зімой, калі раслінныя сокі сыходзілі ў карані. Падрыхтаваны зімой матэрыял хутчэй высыхаў, меў больш шчыльную структуру драўніны. Пабудаваныя з такога матэрыялу хаты, маглі служыць 100-150 гадоў. Забаранялася выкарыстоўваць у будаўніцтве дрэвы паваленыя бурай. Па павер’ях, злыдні могуць пасяліцца ў новую хату.

Вядучы: У якім месцы пачыналі будаваць хату?

Пры выбары месца для будаўніцтва жылля гаспадар кіраваўся як  рацыянальнымі меркаваннямі (зручнасць камунікацый, характар ​​грунту, навакольнае асяроддзе, суседства і г.д.), так і старажытнымі ўяўленнямі. Звычай не дазваляў будаваць дом на скрыжаванні дарог, дзе раней стаяла лазня, на тым месцы, дзе адбылося забойства. Лічылася, што ў гэтым месцы жывуць чэрці, ведзьмы. Пасля будаўніцтва хаты ладзілі ўваходзіны - вялікае сямейнае свята. Загадзя запрашалі святара, які акрапляў новую хату святой вадой. На ноч перад засяленнем у хату пускалі пеўня або кошку, якія, па  павер’і, адпужвалі нячыстую сілу і служылі засцярогамі. Пры пераходзе ў новую хату са старой, бралі агонь з печы, пры запаленых свечках пераносілі абразы, абавязкова «дзяжу» у якой замешвалі цеста для хлеба.

Вядучы: Колькі пакояў мела беларуская хата?

Хата мела адзін пакой з мэтай зберажэння цяпла. Да яе прыбудоўваліся сенцы, у якіх была адгароджана невялікая кладоўка. Яна служыла для захоўвання збожжа, прадуктаў, бытавых прадметаў, адзення.

Вядучы: Якія пабудовы размяшчаліся побач з хатай?

Жыллё і гаспадарчыя будынкі размяшчаліся па перыметры двара. Да  дому прымыкалі адрыны. Уся дваровая тэрыторыя дзялілася на чысты двор і задні двор, дзе размяшчаліся адрыны.

 

2.3. Асаблівасці харчавання беларусаў.

Вядучы: Асаблівасцю беларускай народнай кухні было эканомнасць у  расходванні прадуктаў, высокая патрабавальнасць членаў сям’і да чысціні і  акуратнасці. Па наяўнасці хлеба меркавалі аб дастатку сям’і.

Успомніце і назавіце прымаўкі пра асаблівасці харчавання беларусаў:

  • Якая яда, такая і хада.
  • Хлеб у доме – гаспадар, на працы – сябра, у дарозе – таварыш.
  • Вялікі кусок дзярэ раток. (горла дзярэ)
  • Госць, не дзьміся – еш, што ў місе.
  • Чалавек галодны, ні на што не годны.
  • Адзін з’еш хоць вала – адна хвала, а як станеш з людзьмі есць – будзеш мець чэсць.
  • На смачны кусочак знойдзецца раточак.
  • Калі на стале гусь і парася, то работа хараша.

Вядучы: Харчаванне беларусаў было звязана з бытам, культурай, звычаямі народа. Асабліва цесна яно звязана з порамі года.

Цяжкім для простых людзей быў вясновы час, калі яны елі толькі бульбу, крапіву.

Шмат прыказак і прымавак складзена ў народзе пра хлеб: «Хлеб над  усімі пануе», «Хлеб – усяму галава».

(Вядучы прапануе пералічыць назвы беларускіх нацыянальных страў, расказаць рэцэпты іх прыгатавання).

2.4. Віртуальная экскурсія па міні-музеі “Нашы вытокі”. Прысутным прапануецца віртуальная электронная экскурсія-прэзентацыя па міні-музеі.

  1. Асноўныя прынцыпы адукацыйнай работы па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту

 

Адной з асноўных задач выхавання і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту з’яўляецца шырокае далучэнне дзяцей да агульначалавечых і  нацыянальных каштоўнасцей культуры, а адным з прынцыпаў адукацыйнай працы – прынцып цеснай ўзаемасувязі нацыянальнага і агульначалавечага ў  выхаванні. Гэта абумоўлівае паварот да народнай педагогікі, нацыянальных традыцый, фальклору ў далучэнні да нацыянальнай і  агульначалавечай культуры.

Прынцып гуманізацыі адукацыйнай работы выяўляецца ў стварэнні педагогам умоў для развіцця дзіцяці, у забеспячэнні ўзаемасувязі адукацыйнага працэсу ва ўстанове дашкольнай адукацыі з гуманістычнымі традыцыямі народнай педагогікі, фальклорам, нацыянальным мастацтвам.

Прынцып паслядоўнасці і паступовасці - дазваляе фарміраваць нацыянальную самасвядомасць дзяцей дашкольнага ўзросту, не парушаючы ўнутраны свет дзіцяці: праз малое да вялікага, праз вядомае знаёміць з  невядомым. Таму дзецям мэтазгодна даваць элементарныя звесткі аб прыродзе Беларусі, працоўнай дзейнасці беларускага народа, пра культуру і  мастацтва, выкарыстоўваючы загадкі, прыказкі, песенькі, беларускія народныя гульні. Новы матэрыял павінен мець пад сабой падмурак раней засвоеных ведаў.

Адначасова з прынцыпамі прыродазгоднасці і індывідуалізацыі выбіраюцца тыя аб'екты, якія з’яўляюцца цікавымі і даступнымі для  ўспрымання дзяцей дадзенага ўзросту, з якімі трэба пазнаёміць менавіта ў гэтай узроставай групе. Увесь пазнавальны матэрыял размяркоўваецца на працягу навучальнага года з улікам псіхалагічных, індывідуальных асаблівасцяў і палавой дыферэнцыяцыі дзяцей групы. Так, улічваючы гэты прынцып, педагог паступова пашырае змест адукацыйнай работы па кожнаму вывучаемаму аб’екту, ўскладняе працэс творчымі заданнямі, стварае сітуацыі праблемна-пошукавага характару, дадаткова знаёміць з  цікавымі звесткамі з гісторыі, легендамі, казкамі, прытчамі.

У адукацыйнай працы па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці прынцып цеснага ўзаемадзеяння выхавання ў сям’і і ў дашкольнай установе ярка праяўляецца праз арганізацыю розных формаў ўзаемадзеяння з  законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў, правядзенне сумесных мерапрыемстваў. Толькі тады будзе вызначаны вынік дзейнасці, калі праца будзе паслядоўнай і сістэмнай як у педагога, так і ў сям’і дзіцяці.

Прынцып пераемнасці ў рабоце па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці таксама з'яўляецца вельмі важным. Ён праяўляецца ў  ўзаемасувязі паміж мэтамі, зместам, метадамі і прыёмамі арганізацыі педагагічнага працэсу выхавацеля, музычнага кіраўніка, кіраўніка фізічнага выхавання і інш. спецыялістамі. Наяўнасць гэтай сувязі дапаможа зрабіць працэс цікавым, а навучанне будзе мець інтэграваны характар. Гэта дазволіць пазнаёміць дзяцей з адным прадметам, разгледзеўшы яго з розных бакоў (праслухаць беларускую народную мелодыю, паглядзець (выканаць, развучыць) танец, вывучыць загадку, прымету, пагуляць у рухомую гульню і  г.д.

Прынцып гармоніі трох пачаткаў у адукацыйнай працы выяўляецца ў  злучэнні фізічнага, эмацыйна-індывідуальнага, інтэлектуальнага развіцця дзяцей. Гэты прынцып ўлічваецца педагогам: пры выбары задач, якія неабходна вырашаць падчас арганізацыі гэтай формы работы па  фарміраванні элементаў нацыянальнай самасвядомасці.

Пры выбары метадаў і прыёмаў работы, для забеспячэння патрэбы дзяцей у рухомай і маўленчай дзейнасці, стварэння станоўчага эмацыянальнага клімату для кожнага выхаванца на працягу ўсяго адукацыйнага працэсу.

Планаванне і арганізацыя адукацыйнай работы па фарміраванні элементаў нацыянальнай самасвядомасці з улікам усіх прынцыпаў зробяць працэс эфектыўным і паслядоўным, а засваенне ведаў дзецьмі дашкольнага ўзросту будзе насіць творчы характар.

 

  1. Асаблівасці арганізацыі работы па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці сродкамі вуснай народнай творчасці

 

Падбіраюцца для працы з дзецьмі найбольш эфектыўныя формы, метады і сродкі, трэба ўлічваць, што працэс фарміравання нацыянальнай самасвядомасці доўгі і складаны, і пачынаць яго трэба перш за ўсё з  азнаямлення з родным краем, асяроддзем, з падключэннем сродкаў вуснай народнай творчасці. Таму асноўным патрабаваннем з’яўляецца стварэнне ў  дашкольнай установе неабходных умоў, каб кожны з выхаванцаў змог адчуць сябе часткай сваёй дзяржавы; ўмовы, якія б дазвалялі фарміраваць адчуванне духоўнага адзінства з жыццём свайго народа. Для гэтага неабходна, каб у кожнай групе быў аформлены куток “Мая радзіма – Беларусь”, “Я – беларус”, у якім можна размясціць:

- альбом з песенькамі, загадкамі, падабранымі да іх малюнкамі;

- атрыбуты да беларускіх народных гульняў;

- паштоўкі (ілюстрацыі) “Наш горад”, “Наша краіна”;

- дыдактычныя гульні “Складзі ўзор”, “Упрыгожванне адзення”, “Назаві па-беларуску”, “Назаві казку”, “Складзі змест казкі”, “Жыхары беларускіх лясоў”;

- беларускую мастацкую літаратуру;

- макет карты Беларусі;

- альбомы і фатаздымкамі беларускай прыроды;

- альбомы з малюнкамі жывёл і раслін Беларусі;

- лялькі ў беларускай нацыянальнай вопратцы;

- аўдыёзапісы музычных твораў беларускага фальклору.

Вядучы: Далучэнне дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры можа быць цікавай і творчай працай. Але неабходна памятаць, што  дашкольны ўзрост - гэта перыяд жыцця дзіцяці, калі фарміруецца цікавасць і патрэба ў ведах, а вядучым відам дзейнасці з’яўляецца гульня.

Спецыяльна падабраныя дыдактычныя гульні, гутаркі дапамогуць педагогам выявіць узровень сфарміраванасці нацыянальнай самасвядомасці.

Галоўнай мэтай заняткаў або іншых формаў працы з дзецьмі з’яўляюцца:

- выхаваць пачуццё гонару за сваю Радзіму, народ, яго мову, гісторыю, культуру;

- паглыбіць веды пра родны край, Радзіму;

- фарміраваць гатоўнасць выявіць свае веды ў дзейнасці;

Добрыя вынікі на занятках па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці, цікавасці да нацыянальнай культуры, можна дасягнуць з дапамогай наступных эфектыўных метадаў і прыёмаў працы:

- сюрпрызны момант, у якім “схавалася” тэма, незвычайны пачатак занятку (прыход госця, героя, выкарыстанне загадкі, паштоўкі, разгляданне карціны, праслухоўванне верша, запрашэнне ў падарожжа);

- загадкі як форма фальклорнай творчасці дапамагаюць ўвесці дзяцей у  навакольны свет, развіваць фантазію, прымушаюць думаць;

- вершы садзейнічаюць стварэнню атмасферы даверу ў гутарках пра маму, прыроду, Радзіму;

- праблемныя сітуацыі (дзеці павінны знайсці выхад з дапамогай аналізу, абагульнення, параўнання (могуць параўноўвацца гербы розных краін, сцягі; горад – вёска);

- гульнявыя прыёмы “пытаюся – адказвай”, “заплюшчы вочы і ўяві”, “зазірні ў канверт”, “складзі з частак” і інш.

- віктарыны;

- выкарыстанне прымавак, прыказак, малых формаў беларускага фальклору;

- праслухоўванне музычных твораў;

- творчыя заданні: “намалюй, што ўявіў”, “прыдумай сам”, “упрыгож ...”;

- выкарыстанне розных сродкаў уздзеяння на настрой, эмацыянальны настрой дзяцей у час сумеснай дзейнасці (слуханне музыкі, чытанне вершаў і  г.д.);

- хатнія заданні: “Спытай у бабулі”, “Схадзі на экскурсію”, “Паслухай і  вывучы”;

- таемнае паведамленне аб тэме наступнага занятка з мэтай зацікавіць дзяцей, будзе спрыяць жаданню працягнуць дзейнасць;

Цікавымі будуць заняткі ў форме гульнявых навучальных сітуацый, якія “пераўвасобяць” дзяцей у выхавальнікаў, дадуць магчымасць кожнаму дзіцяці больш раскрыцца, дапамогуць актывізаваць гаворку, паказаць свае веды.

Форма падарожжа, з выкарыстаннем рукзакоў, бінокляў, фотаапаратаў, натхніць на адлюстраванне тэмы занятка ў маляванні, лепцы, аплікацыі, тым самым зробіць дзейнасць інтэграванай (“Падарожжа з буслом па роднай Беларусі”, “Птушкі спяваюць, да Вясне ў госці клічуць”).

Можна выкарыстоўваць ноўтбук: “Гукі роднай прыроды”, “Беларусь – сінявокая” і інш. Гэта зробіць працэс азнаямлення яшчэ больш цікавым і  займальным. 

Акрамя спецыяльных заняткаў, мэтазгодна праводзіць тэматычныя вечары, віктарыны, сумесныя з бацькамі святы, мэтавыя прагулкі, гутаркі. Дзеці разам з бацькамі могуць зрабіць рукапісныя альбомы “Беларускія народныя загадкі” з дзіцячымі малюнкамі, фотаальбом “Наш горад”, выканаць творчыя заданні “Складзі аповяд пра вуліцу, помнік”.

Усё гэта дасць магчымасць вырашаць задачы развіцця беларускага маўлення, раскрыць творчыя магчымасці дзіцяці, сфарміраваць цікавасць да  народнай творчасці, у гульнявой форме далучыць дзяцей да нацыянальнай культуры.

Варта таксама весці працу з бацькамі. Формы і метады арганізацыі ўзаемадзеяння з бацькамі могуць быць наступнымі: наглядныя, славесныя, калектыўныя, індывідуальныя.

Наглядныя формы:

Афармленне рухомых папак на тэму “Дзіцячы беларускі фальклор”; “Як нашы продкі гасцей частавалі”.

Афармленне выстаў літаратуры па тэме;

Спіс літаратуры (літаратурных твораў) для чытання дзецям;

Славесныя формы:

- кансультацыі "Выхоўваем маленькага грамадзяніна" і інш.

- выступленні на бацькоўскіх сходах;

Калектыўныя формы:

- Правядзенне сумесных мерапрыемстваў у “Сямейнай гасцёўні”; “Святкуем Каляды разам з бацькамі”;

- “Зямля на далоні” (мастацка-пазнавальная віктарына для бацькоў і дзяцей старэйшай групы);

- “Кірмаш здароўя” (спартыўна-фальклорнае свята з удзелам дзяцей і бацькоў старэйшай групы);

- Удзел бацькоў у творчых конкурсах “Беларусь - мая радзіма”, “Радавое дрэва”, “Беларуская нацыянальная кухня”;

Сумесныя з бацькамі мерапрыемствы забяспечаць павышэнне ўвагі бацькоў да выкарыстання сродкаў вуснай народнай творчасці (гульняў, песень, загадак) у выхаванні дзяцей, дапамогуць усталяваць трывалыя ўмовы для эфектыўнага ўзаемадзеяння.

  1. Віктарына “Лепшы знаўца роднага краю”

Каб любiць сваю Радзiму, трэба добра яе ведаць.

Таму наступнае заданне дапаможа вам праверыць веды пра нашу Валожыншчыну. У мяне шмат цікавых пытанняў. Нам неабходна падзяліцца на дзве каманды “Рамонкі” і “Васількі” (ставіць біркі на сталы, прызначаецца ў якасці журы вядучага). Камандам па чарзе прапаноўваюцца пытаннi аб  важнейшых гiсторыка-культурных фактах i падзеях Валожыншчыны. За  кожны правільны адказ – фішка. Калі каманда не адгадвае, права даць адказ пераходзіць да другой каманды.

Якi вядомы беларускi пiсьменнiк i драматург жыў у вёсцы Люцiнка i  заснаваў там першую ў Беларусi школу, дзе выкладалi на беларускай мове? (В. Дунiн-Марцiнкевiч)

Каму належаць i дзе былi напiсаны гэтыя радкi:

«Люблю мой край, старонку гэту,

Дзе я радзiлася, расла...   (К. Буйло, в. Вiшнева)

Якая яўрэйская навучальная ўстанова вышэйшага тыпу была адкрыта i  дзейнiчала ў Валожыне? (Ешыбот)

Як да рэвалюцыi называлася плошча Свабоды ў Валожыне? (Рыначная)

Назавiце радзiму рэвалюцыянера Ф.Э. Дзяржынскага? (хутар Дзяржынова каля Iвянца)

Пералiчыце iмёны вядомых дзеячаў культуры, лiтаратуры, якiя нарадзiлiся на Валожыншчыне? (К. Буйло, В. Дунiн-Марцынкевiч, П. Бiтэль, В. Шнiп, Ф. Рушчыц)

Назавiце iмя Героя Савецкага Саюза гераiчна загiнуўшага летам 1942  года i пахаванага на плошчы Свабоды? (В. В. Шчарбiна)

Радзiмай Ядвiгi Паплаўскай – вядомай беларускай спявачкi, салiсткi ансамбля «Верасы» з’яўляецца... (в. Сiвiца)

З якiм населенным пунктам Валожынскага раёна звязана iмя Сымона Буднага – беларускага асветнiка i гуманiста? (Лоск, Ракаỷ, Iвянец)

Назавiце радзiму мастака i графiка Фердынанда Рушчыца, творчасць якога належала як беларускаму, так i польскаму народам? (Багданава, Сакаўшчына, Доры)

Колькi жыхароў пражывае ў горадзе Валожыне? (каля 12 тыс. чал., 20  тыс., 18 тыс.)

Дзе размешчана Свята-Канстанцiна-Аленiнская царква – помнiк драўлянай архiтэктуры i самая вялiкая царква Беларусi? (Ракаỷ, Валожын, Лоск)

Калi ў Валожыне быў адкрыты помнiк рымскаму папу Яну-Паўлу II? (2006г., 2007г., 2005г.)

У якой вёсцы Валожынскага раёна пачынаў сваю працоўную дзейнасць вядомы беларускi пiсьменнiк К. Крапiва? (Гародзькi, Мiшаны, Дубiна)

Калi быў вызвалены Валожын ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў? (14.09.1943; 05.07.1944; 12.01.1945)

Падвядзенне вынікаў.

  1. Беларускія сучасныя пісьменнікі дзецям “Кніжная палічка прапануе”

В. Педагог, якi працуе ў дашкольнай установе, павiнен не толькi шмат ведаць, але яшчэ ўмець расказаць, перадаць змястоўную і карысную інфармацыю не толькі дзецям, але і іх бацькам. З мэтай азнаямлення выхаванцаў з творамі беларускіх сучасных пісьменнікаў у нашай установе быў створаны электронны дадатак “Кніжная палічка прапануе”. У ім сабраны звесткі пра аўтараў і кнігі, якія можна ўзяць у Валожынскай дзіцячай бібліятэцы, каб у вольны час пачытаць дзецям. Для зручнасці карыстання электронны рэсурс дапоўнены QR кодамі. (Дэманстрацыя дадатка)

 

  1. Рэкамендацыі

па арганізацыі працы з беларускай народнай казкай

Ранні ўзрост:

1 этап - казка распавядаецца напамяць выхавальнікам індывідуальна або групе (падгрупе) дзяцей.

2 этап - падрыхтоўчы. Тут выкарыстоўваюцца разнастайныя віды гульняў, практыкаванні, заданні, літаратурны і песенны матэрыял. Іншымі словамі, дзяцей падрыхтоўваюць да ўспрымання казкі.

3 этап - правядзенне сюжэтна-тэматычнага занятка на аснове беларускай  казкі. Занятак праводзіцца па падгрупах.

У першай частцы занятка даюцца практыкаванні, гульні, заданні на  абуджэнне цікавасці да пазнання новага, канцэнтрацыю ўвагі. Выкарыстоўваюцца цацкі, прадметы, абсталяванне ў адпаведнасці са зместам казкі, ствараюцца ўмовы для дзейнасці розных аналізатараў.

Асноўная частка занятка ўключае непасрэдную працу над казкай. Пры  размове абавязковым элементам павінна быць нагляднасць, бо ў дзяцей у гэтым узросце пераважае наглядна-вобразнае мысленне.

У заключнай частцы занятка падводзіцца вынік. Выкарыстоўваюцца пытанні  (ад двух - да пяці).

         Сярэдняя група:

Тут неабходна прадугледзець віды дзейнасці, неабходныя для развіцця самастойнай маўленчай дзейнасці. Для гэтага могуць быць выкарыстаны розныя варыянты: праслухоўванне запісаў, інсцэніроўка ўрыўкаў казкі, гульні-драматызацыі, разглядванне малюнкаў і ілюстрацый, арганізацыя гульняў па матывах казкі.

Дзецям, якія лёгка і хутка засвоілі матэрыял, неабходна прапанаваць больш складаную працу ці даць дадатковыя заданні.

         Старэйшая група:

Значна ўскладняецца змест работы па азнаямленню з беларускай казкай, бо з пашырэннем аб'ёму ведаў змяняецца і характар ​​маўленчай дзейнасці дзяцей гэтага ўзросту.

Рэкамендуецца праводзіць спецыяльныя гутаркі аб раней прачытаных казках, падчас якіх задаюцца пытанні, прапануецца сказаць  магчымыя рэплікі герояў казкі, іх учынкі. Вельмі важна даваць большую самастойнасць дзецям, як у выбары гульні, так і ў творчым вырашэнні яе задач: асабістыя арыгінальныя смелыя рашэнні, жаданне свабодна выказваць сваё стаўленне да навакольнага. Прадстаўленні дзяцей павінны быць скіраваныя на пошук і стварэнне новага, тым самым дзеці абараняюць сваю індывідуальнасць.

Заданне «Адгадай казку»

Камандам чытаюцца ўрыўкi з беларускiх народных казак, патрэбна адгадаць назву казкi. За кожны правільны адказ фішка. Калі каманда не адгадвае, права даць адказ пераходзіць да другой каманды.

- Думала Лiса на цэлы дзень наесцiся, але нават i пакаштаваць ежы не прыйшлося («Лiсiца i Журавель»);

- Касiў на лузе касец, змарыўся i сеў пад кустом адпачыць. («Лёгкi хлеб»);

- Прынесла курачка сена карове. Карова з’ела сена i дала масла («Як курачка пеўнiка ратавала»);

- Вось прыйшоў раз кот у лес на паляванне i заблудзiўся. Шукаў-шукаў дарогi да дому – не знайшоў. Сеў пад ялiнкай i плача. («Як кот звяроў напалохаў»);

- Палажыла жонка палена ў калыску ды давай калыхаць ды спяваць: «Люлi-люлi, сыночак, з белымi плячыцамi, з чорнымi вачыцамi...» («Пiлiпка-сынок»);

- I пайшла бабка ў агарод. А ў агародзе горача-горача, а ў агародзе цiха-цiха... («Пых»);

- Паляцеў верабейчык да курэй, пачаў iх  прасiць, каб бядзе дапамаглi. «Добра, – адказалi куры, – дапаможам!» Пайшлi куры чарвякоў дзяўбсцi... («Былiнка i верабей»)

- Надакучыла лiсiцы ў нары сядзець, вырашыла яна ад сабак адкупiцца. («Селянiн, мядзведзь i лiсiца»)

- «Хто за такога гультая пойдзе замуж? – смяецца кот. – Ты ж толькi любiш на печы ляжаць, у цябе i выгляд нечалавечы» («Кот Максiм»)

- Улез i воўк. Трохi пагадзя сунецца мядзведзь. Падышоў i пытаецца... («Дзедава рукавiчка»)

Падвядзенне вынікаў.

Заданне «Дарослыя - дзецям»

Камандам даюцца тэксты невялiкiх казак (казкі “Пых”, “Коцік Петрык і мышка”), атрыбуты для iх iнсцэнiроўкi і час для падрыхтоўкi. Удзельнікі рыхтуюць інсцэніроўку, паказваюць яе. Кожнай камандзе даецца фішка.

 

Падвядзенне вынікаў семінару, віншаванне пераможцаў

     В. Мы забыць сваю мову не мусiм,

Каб агеньчык яе не зачах.

Пазнаюць нас, што з Беларусi,

Па гаворцы, па нашых вачах.

Цiха звонiць у полi калоссе,

Зоркi свецяцца ў вышынi.

Наша родная мова прыносiць

Столькi ласкi, святла, цеплынi.

  1. Рэфлексія

Практыкаванне “Карусель”

Усе ўдзельнікі ўстаюць у круг, паклаўшы рукі на плечы суседзяў. Пад ціхую музыку пачынаюць рухацца направа, пакуль вядучы не скажа Стоп! Вядучы задае пытанне:

  1. Вы даведаліся што-небудзь новае, карыснае для сябе на сённяшнім занятку? - усё па-чарзе або выбарачна адказваюць.

Затым рухаюцца аналагічна налева і спыняюцца па камандзе вядучага Стоп!

Што вы з сённяшняга матэрыялу будзеце выкарыстоўваць у практыцы работы?

  1. Рэлаксацыя

“Кошык кветак”

Вядучы: - Сёння мне захацелася прынесці на нашу сустрэчу кошык (дэманструецца кошык).

Кожнаму ўдзельніку ёсць невялічкі сюрпрыз і пажаданне. Я прапаную вам, перадаючы кошык узяць адну рэч з пажаданнем на ўспамін аб сённяшняй сустрэчы. Тое пажаданне, якое размешчана на адвароце малюнка няхай споўніцца, і побач з Вамі заўсёды будуць здароўе, дабрабыт, поспех, умеласць, дастатак, мір, усмешкі, добразычлівыя і ласкавыя людзі, чыстае неба, сонечныя дні і здзяйсняюцца вашы мары.

Усяго самага найлепшага, да новых сустрэч!