Тыдзень роднай мовы

21.02.2020

 

 Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Родная мова шмат не патрабуе. Хоць адзін дзень або некалькі хвілін паразмаўляйце на ёй, адчуйце асалоду ад родных слоў…

       На працягу тыдня з 17 па 21 лютага ва ўстанове адукацыі праходзіў тыдзень роднай мовы. У кожнай групе з выхаванцамі праводзіліся тэматычныя заняткі і мерапрыемствы. Дзеці актыўна гулялі ў беларускія гульні, спявалі калыханкі, вучыліся называць прадметы на роднай мове, выкарыстоўваць ветлівыя словы ў паўсядзённасці і шмат іншага. Не адставалі ў гэтым нават самыя малодшыя выхаванцы.

       

    У межах правядзення тыдня 18 лютага дзеці старэйшай групы наведалі Валожынскую дзіцячую бібліятэку, дзе таксама праходзіў тыдзень роднай мовы пад назвай “У спадчыну – добрае роднае слова”.  Выхаванцы  падарожнічалі «Па старонках роднай мовы» з дапамогай розных відаў дзіцячага фальклору – вершаванага, празаічнага, гульнявога, казачнага. Яны атрымалі магчымасць убачыць прыгажосць і багацце моўнай спадчыны беларускага народа.

   

        А для педагагічных работнікаў установы дашколоьнай адукацыі быў праведзены семінар-практыкум па тэме “Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту ў працэсе далучэння да культуры і традыцый беларускага народа”. Падчас семінару педагогам былі прадэманстраваны тэарэтычныя і практычныя матэрыялы і заданні. У госці завітала Беларусачка, якая правяла цікавую віктарыну і пагуляла з педагогамі ў  беларускія гульні.  

      

     Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі ўсім удзельнікам яшчэ бліжэй пазнаёміцца з роднай мовай, з традыцыямі беларусаў, даведацца шмат цікавага і непаўторнага.